Гімн Беларусі на адной з цэнтральных плошчаў Парыжа непадалёку ад Эйфелевай вежы выканалі музыканты Гродзенскай капэлы. У французскай сталіцы праходзяць Дні беларускай культуры, удзел у якіх бяруць лепшыя творчыя калектывы нашай краіны. А напярэдадні Дня незалежнасці Беларусі прайшоў тыдзень беларускай культуры, арганізаваны Пасольствам Беларусі ў Францыі і пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА. Удзел у святочных імпрэзах прымала Гродзенская капэла.

У адным з выступленняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што мы павінны часцей расказваць пра Беларусь замежнікам. Рабіць гэта ў тым ліку праз культурныя мерапрыемствы, што ладзяцца за мяжой. Мяркую, тыдзень беларускай культуры якраз і ёсць прыклад такіх свят, што папулярызуюць нашу краіну і нашу багатую культуру.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, а таксама ў Іспаніі, Партугаліі Павел Латушка ў тэлефоннай размове расказаў, што Гродзенская капэла не першы раз выступае ў Францыі. У канцы мінулага года ў Парыжы адбылася прэм’ера балета «Кармэн», створанага творчымі калектывамі Расіі, Беларусі, Арменіі, Украіны і Францыі. Прайшла яна ў суправаджэнні аркестра Гродзенскай капэлы.

– Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, які маюць артысты капэлы, вельмі станоўча быў успрыняты французскай публікай, – зазначыў пасол, згадваючы балет. – Цяпер Гродзенская капэла акампаніравала на першым балі, які адбыўся ў штаб-кватэры ЮНЕСКА і быў прысвечаны дыпламату, дзяржаўнаму дзеячу Міхалу Клеафасу Агінскаму. Дарэчы, 250-годдзе з дня нараджэння Агінскага ўнесена ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА.

Гродзенская капэла таксама прыняла ўдзел у акцыі “Спяём гімн разам”, якая адбылася непадалёку ад Эйфелевай вежы. Пад акампанемент капэлы беларусы, якія пражываюць у Францыі, і французскія дыпламаты ўпершыню выканалі гімн Беларусі ў такім незвычайным месцы. І нарэшце трэцяя імпрэза – вечарына, якая адбылася ў рэзідэнцыі пасла Расіі. Прысвечана яна была Пятру Вітгенштэйну, князю, які нейкі час быў уладальнікам Мірскага замка, а да гэтага ваенным агентам Расіі ў Парыжы. Як распавёў мастацкі кіраўнік капэлы Уладзімір Борматаў, не толькі французаў, але і прысутных беларусаў уразіла прадстаўленая Мірскім замкам выстава рэдкіх фотаздымкаў з прыватных калекцый.

Таксама Уладзімір Мікалаевіч з удзячнасцю зазначае, што іх паездка ў Францыю стала магчымай дзякуючы садзейнічанню старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова.

– Удзел капэлы для нас вельмі важны, – падкрэсліў Павел Латушка. – Гэта былі яркія выступленні, якія атрымалі станоўчую ацэнку французскай публікі.

Дні беларускай культуры ў Францыі праходзяць другі год. Летась 38 мерапрыемстваў у розных гарадах наведалі каля 150 тысяч гледачоў. На гэты год у пасольстве запланавана не менш грандыёзная і насычаная праграма.

Таццяна Кузнячэнкава

туризм и путешествия